СТРУ́СТАЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 1 км на Пн ад в. Струста Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля затокі воз. Струста. Чырвона-буры дробназярністы граніт рапаківі з крышталямі ружовага палявога шпату (авоіды 1—3 см). Даўж. 4,5 м, шыр. 4,4 м, выш. 1,5 м, у абводзе 13,8 м, аб’ём 16 м³, маса 42 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў Балтыйскага м. У старажытнасці меў культавае значэнне. На верхняй пляцоўцы захаваўся надпіс «R 1780».

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)